?

Log in

No account? Create an account
накрэмзалася-2 - valacuha [entries|archive|friends|userinfo]
valacuha

[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

накрэмзалася-2 [Mar. 4th, 2011|10:11 am]
valacuha
Людзі са шклянымі вачыма. занатоўкі афтальмолага

Тэатрал.
Акт 1
Гэта быў старшыня камісіі Сяргей Іосіфавіч. Някепскі дзядзька, на першы погляд. Ён першы запрапанаваў нам кавы...
У першы ж дзень я праяўляў настойлівае жаданне правяраць як мага больш пільна ўсялякія дзеянні з апячатваннем-распячатваннем скрыняў, пільна аглядаў саму скрыню на прадмет шчылінаў... Старкам імкнуўся задаволіць усе нашыя жаданні. Клімат у зносінах паміж намі, незалежнымі, і імі, рэкрутаванымі, цяплеў... Пасля майго завяршальнага, надзвычай пільнага аглядання пячаткі на скрыні ў першы дзень датэрміновага галасавання, мы выйшлі на свежае зімовае паветра разам: старкам, я і мая напарніца, шчырая прапаведніца “дабразычлівых чалавечых зносінаў” з усімі членамі камісіі незалежна ад іх “лагеру”. Старкам расслабіўся, зацягнуўся. Ён выглядаў зусім папросту ў гэтай “самай чалавечай” алясцы, чорнай шапцы, купленай, відавочна на “Дынама”, з самай звычайнай “чалавечай” чорнай сумкай праз плячо.
- Ребята, да расслабтесь вы. Я сам в 90-е з БНФ-ом ходил. Ну ничего пока не выходит. Пока режим поддерживают 30% - он непоколебим. А если и есть фальсификации – они повыше, а не у нас, на образцовом участке.
Я яшчэ насцярожана прыглядаўся, але ўжо штось выпаліў накшталт: “пакуль грамадства само не падараслее – нічога не стане.” Ён стрымана, але выразна і цвёрда салідарызаваўся. Рассталіся з ім у той першы вечар з прытоенай прэтэнзіяй на павагу: “А што, а нічогі мужык сабе! Мо’ і будзе усё “норм”!
Паціху забываўся адзіны інцыдэнцік, калі старкам разыйшоўся, убачыўшы, што я фатаграфую пячаткі на скрынях. Сваё абурэнне ён матываваў тым, што мы можам падрабіць пячаткі і ўкінуць патрэбныя нам бюлетэні.
І вось, у нядзельку раніцой, надыходзіць час для відовішчаў. Толькі дадам, што напярэдадні мы падалі прафілактычную заяву з просьбай, каб падлік бюлетэняў (а менавіта на гэта звычайна “кульгаюць” беларускія выбары) быў адкрыты і празрысты для ўсіх членаў камісіі і назіральнікаў. І вось, у нядзелю раніцой запланаваны разгляд нашае просьбы. Ды яшчэ не абы як, а на калегіяльным паседжанні! Еду з непрыхаванай цікаўнасцю: што адкажуць? Здаецца, адбрахацца – немагчыма: або “будзе адкрыты” або “хрэн вам у вочы”. Нэрвова матэрыялізуюся на шыротах участка. 7.20 раніцы. Паседжанне пачынаецца. Наш старкам афіцыйна абвяшчае павестку паседжання. Мяне шчыра здзіўляе, што нашая просьба – не толькі адзінае пытанне, але я сам, як адчуваю – галоўны цэнтр увагі ўсёй гэтай пабожнай кампаніі, камісіі, якая нарэшце сабралася ў поўным складзе такой сіне-малочнай зімовай раніцай (і не спіцца ж!) Старкам спакойна зачытвае нашую заяву. Гэтак жа спакойна адказвае, што працэс падліку будзе адпавядаць беларускаму выбарчаму кодэксу. На маю просьбу канкрэтызаваць адказ, гэтак жа спакойна адзначае, што, калі я не зразумеў, то атрымаю гэты адказ у пісьмовым выглядзе напрыканцы дня (быццам, прачытаўшы на паперы, гэтай лухтой можна было задаволіцца як адказам). І ўжо з невялікай эмоцыяй: “Таксама адзначаем, што назіральнік, які падаў просьбу, неаднаразова перашкаджаў працы камісіі, паводзіў сябе непрыстойна, і будзе выдалены пры наступным, нават нязначным парушэнні.” Гэта быў першы акт п’есы, што пачалася так рана і так нечакана адкрыла тэатральны талент у нашым старкаму, пра якога я яшчэ нядаўна меў намер думаць добра.

Тэатрал. Акт 2
Другі акт адбыўся неўзабаве, не болей як праз 20 хв. Я, ужо крыху асцярожна, папрасіў у старкама лепшых месцаў для назірання, бо з выдзеленых для нас месцаў было відаць толькі чырвань скрыняў і фіранкі кабінаў для галасавання. Старкам выйшаў на цэнтр сцэны, і гучна, каб было чуваць буслам у Галяндыі, зачытаў абвінаваўчы маналог у мой адрас. Штосьці накшталт: “Зноў! Я ж казаў! Колькі можна перашкаджаць!...Апошняе папярэджанне!...”
Але акторскі талент адкрыўся нечакана яшчэ ў аднаго персанажа – Ніны Сяргееўны. Яна, менавіта яна, ласкавым голасам і спагадлівым, прыветным позіркам, настроіла мяне, і найбольш – маю напарніцу – на “дабразычлівыя чалавечыя зносіны” з членамі камісіі. Яна прыветна сустрэла, распавяла што ды як у першыя хвіліны нашых першых дзён на выбарчым участку. Яна, сонца лагоднае. Яна, дабрыня, ужо сівенькая. Сакратар камісіі. Завуч у школе. Менавіта яна ў гэты момант дапамагла старкаму: “Абражае нас недаверам!...” І яшчэ штось у гэткім духу.
Мне хапіла, маскі былі сарваны. Я спрабаваў не сарвацца раней часу, бо важней было застацца да канца, да падліку галасоў, чым быць выгнаным за другасныя рэчы. Але, дзеля справядлівасці адзначу, што лепшае месца для назірання, з якога відаць прынамсі адзін край сталоў выдачы бюлетэняў (а менавіта за імі звычайна адбываецца другі па значнасці “кульгавы” момант беларускіх выбараў) мне саступіў адзін з “залежных” назіральнікаў, знаёмец героя з замалёўкі “Лып-лып”.

Тэатрал. Акт 3
Дзень пралятаў. Сотні людзей заходзяць у кабінкі, апускаюць бюлетэні ў скрыні... Былі нават гадзіны пік з чэргамі ў чалавек 10-15. Насамрэч, думалася мне, нават калі ўсё будзе сфальсіфікавана, нават калі яны кідаюць усё за тое ж, што і ўсе гэтыя 16 год, мне прыемна бачыць актыўнасць сваіх суграмадзянаў. Бо гэта – ужо штосьці новенькае для нашых людзей. І, зразумеўшы па раніцовых падзеях, да чаго хіліцца вечар, я насамрэч, замаркоціўся. Бо бачыў, па вачах бачыў, за каго галасуюць многія людзі. Іх не цяжка вылічыць. Актыўная, разумная, творчая моладзь. Інтэлігенцыя. Сярэдні клас і тыя хто замест іх у нашым грамадстве. Проста сумленныя, разумныя вочы. Мне чамусьці было зразумела, які квадрацік адзначаюць многія людзі. Здагадкі падцвярджаліся дэманстратыўна гучнымі зваротамі некаторых людзей да кагось з камісіі або да сваіх блізкіх: “Дзе тут за Саннікава?” і інш. Гэтыя людзі кідалі з верай. Але тыя, хто быў адказны да сітуацыю, ужо даўно мелі добры план, як абдурыць сваіх жа суграмадзянаў. І вось, групка людзей падманвае сваіх жа суайчыннікаў, і ўсе яны разам ездзяць на метро, усе разам стаяць у крамных чэргах, усе разам.. дзесьці заўжды разам. Толькі хтосьці з іх кідаў з даверлівымі вачыма паперку ў скрыньку, а другі ўжо ведаў, як на гэтым даверы пагрэць рукі. Мне ўявілася, што гэтая скрыня, якая, мусіць, стане адзінай сведкай сапраўдных вынікаў – гэта сэрца. Толькі сэрца ў такой сітуацыі можа ведаць сапраўдныя вынікі, якіх нажаль ніхто ніколі не даведаецца (гэта мне падалося тады самым жудасным – праўда не дастанецца нікому!). Таму, як бы ідэалагічна гэта ні гучала – “Перамога засталася ў нашых сэрцах” (як памятаеце, гэта быў адзін з галоўных слоганаў дзяржаўнай ідэалагічнай кампаніі). Але праўда жыцця была ў тым, што перамога аказалася ў чыіхсьці брудных руках.

Тэатрал. Акт 4.
Апоўдні мяне чакаў яшчэ адзін акт таннай п’есы. Наш старкам выйшаў папаліць, накінуўшы сваю “аляску.” Ну і я тут, дыхаю свежым паветрам. Закарцела, узбунтавалася ўсё ўнутры. Дай думаю, спытаю, “ну на што ты так?” Падыходжу, маўляў, “давайце пагутарым па-чалавечы”, “проста сам-насам” і г.д. Дзіўна, але на яго твары ўжо не было ніякіх прыкметаў злосці, непрыязні, якую так тэатральна ўдавалася яму дэманстраваць некалькі гадзін таму. Вочы не раскрываюцца шырока, як звычайна бывае пры такіх размовах. Наадварот, застаюцца ветліва-шклянымі. Толькі пачынаецца іншая песня: “па-чалавечы? Па-чалавечы я толькі бачу, што вашыя нахабныя паводзіны перашкаджаюць маёй працы, у той час як у мяне цяжка хворыя бацькі”. Куды падзеўся “нефармальны тон” першых размоваў пра БНФ у 90-я? Куды падзелася прастата звароту, блізкага да “ты”, які быў у той першы вечар знаёмства? Гэтае шкло ўжо было не прадзьмуць. Патрэбна было імкненне абодвух. Адыходжу ні з чым.
Вечар скончыўся так, як гэтага можна было чакаць. А 18-й мяне ўсё-такі выдаляюць з участка. За чарговае “перашкаджанне працы” старкаму. За тое, што я папрасіў яго паказаць мне на паперы колькасць бюлетэняў, выдзеленых для пераноснай скрыні за подпісам таго, хто іх браў. Клікалі міліцыю. Наш актор зноў быў у гуморы, паказаў увесь талент. Дзіву даешся, як такія эмацыйныя заявы, сцэнкі, выхадкі можна рабіць у такой афіцыйнай атмасферы, ды яшчэ ведаючы, што маніш. На гэтым мае зносіны з тым адораным чалавекам завершыліся. Узгадалася: “А чёрт ведь старый театрал, он любит грим...”
linkReply

Comments:
[User Picture]From: 1tamerlan1
2011-03-04 09:10 am (UTC)
Интересно было почитать.
А на ответственные должности абы каких людей не поставят ;)
(Reply) (Thread)
[User Picture]From: szkaliar
2011-03-05 01:47 pm (UTC)
гэта быў здаецца загадчык ідэалагічнага аддзела нейкага маргарына-рамонтнага завода. а ў апошні дзень выбараў (19-га) на ўчастак прыехаў дырэктар гэтай установы і трындзеў са старшынём не менш за гадзіну. гы-гы. у нормах выбырчага працэсу такія рэчы адназначна трактуюцца як "умяшанне ў справы камісіі звонку". ды толькі там уся камісія была даўно "спетая", мусіць ужо некалькі выбараў прайшлі разам...
(Reply) (Parent) (Thread)