?

Log in

No account? Create an account
Як я схадзіў на Алеся Разанава - valacuha [entries|archive|friends|userinfo]
valacuha

[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

Як я схадзіў на Алеся Разанава [Mar. 5th, 2011|07:06 pm]
valacuha
Як я схадзіў на Алеся Разанава.

Адным словам было так. Іду сабе на масленку старэйшага Брацтва, іду сабе на тусіч. Мяне, праўда папярэдзілі, што ў нагрузку будзе прэзентацыя кнігі Алеся Разанава. Ну, думаю, ладна, раз ужо вырашыў – не буду паварочваць коней (бо з паэзіяй Разанава ў мяне тугавата, хоць, трэба прызнацца, не раз спрабаваў чытаць, слухаць, і, зрэшты пражыў паўтары гады ў кватэры з адным аматарам яго творчасці, які яшчэ да таго ж сачыняе песні на яго вершы).
... Дабамкаўся да Кінаніі (такі хвайны дамок для рэкрэацыі Брацтва, непадалёк ад Менска ў Калодзішчах), урываюся ў мерапрыемства. Народ сядзіць цішком ва ўтульнай зале, у цэнтры ўвагі – два артыста, якія чытаюць вершы Разанава “на пару” і два музыкі – фано і цымбалы, музыка барока. Сядаю за нейкім лысаватым мужычком. Ну думаю, адчакаю гэна ўсё, дачакаю бліноў брацкіх. Ага, куды! Гадзіны паўтары, а то і болей шчэ было мне наканавана сядзець на гэтым месцы і слухаць, слухаць, слухаць і слухаць незразумелыя мне радкі. І гэта пры тым што я спазніўся на добрых паўгадзіны.
У мяне ёсць дрэнная рыса: калі на нейкім канцэрце ці прэзентацыі мне штось не падабаецца, я пачынаю валтузіцца ў крэсле, чмыхаць, “блінкаць” і г.д. – усяляк выражаць сваё стаўленне да артысты. Тое ж было і на гэты раз. Не, не артысты мяне напружылі (адна з іх, дарэчы, - Галіна Дзягілева, бардзо паважам). Але атмосфэра. Блізка да замагільнай. За што я не люблю паэзію Алеся Разанава – за надмірнасць. За адарванасць ад жыцця. Быццам вершы пісаў чалавек, які ніколі не купляе бульбу на рынку, не гутарыць з прадавачкамі на касе, не уціскваецца ў тралейбус у гадзіну пік... Але разважае пра гэта ўсё з філасофскім пафасам. І такая паэзія, на мой погляд, нічога ў рэчаіснасці і не мяняе. Па сутнасці – гэта проста голая канстатацыя факта: “якая жудасная мітусня гэтае жыццё”. Плёну няма! Дзе ж тут альбэр-камюшная “галера сучаснасці”, на якой паэт мусіць падзяляць цяжар гэтых будняў разам з усімі астатнімі? Ні галеры, і ні халеры.
І ўсё гэта яшчэ пад апакаліптычную музыку барока (але, адзначу, што музыкі, асабліва цымбалістка, былі на вышыні, рэдка ўбачыш такое экспрэсіўнае, дастойнае выкананне). Адным словам мяне прыгнятала. Я валтузіўся. Я хацеў сыйсці некалькі разоў. Я раздражняў сваім неспакоем блізка седзячых (мэта дасягнута!:). Мне было цяжка трываць гэтую надзвычай сур’ёзную, інтэлігенцка-рафінаваную і ўжо надта акадэмізаваную плынь гукаў. Якое наватарства, які мадэрн!? Адчуваў сябе Маякоўскім-Бурлюком у адной асобе, якія выбеглі з нейкай падобнай імпрэзы і разам рагаталі на вуліцы. Але я не выбег. Чу! Дзіва якоесь пачулася мне! Раптам грузныя словы артыстаў стаў суправаджаць якійсці індустрыяльны гучок. Трэба тут агаварыцца, у мяне слабасць на такія рэчы. Бардзо люблю індастрыел і яго выкарыстанне ў іншых жанрах. Мяне торкае, я ўжо – цікаўны. Я нікуды не іду! Во думаю, гэта ж Разанаў з Берліну прывёз такіх штучак! Во малайчына! і яно насамрэч клалася адно на адно, словы, хоць я і не разумеў іх сэнс, прыгняталі ўжо неяк з густам, неяк сучасна, з прэтэнзіяй на творчы прарыў, “сінтэз жанраў” і ўсё такое. І тут – аблом вечара! Ветлівы дзядзя, гаспадар Кінаніі, лёгкім рухам рукі адрубае кававарку і ўсё сціхае. Відаць, не падумаўшы, уключыў падагрэць вадзічкі...
Але мяне яшчэ чакалі галоўныя пакуты: заканчэнне выступу артыстаў, працяглыя воплескі публікі, доўгія каментары слухачоў, выкліканне самога паэта на сцэну (ай-ай! лысаваты мужычок перада мной устаў-падняўся і пайшоў туды, дзе ўсё ззяла промнямі славы! Добра, што я не надта шчыраваў у сваім незадаволеным чмыханні!)
Цяжка, калі вакол цябе літаральна ўсе ў адным парыве пахваляюць “генія”, “паэта”, “сонца нашае” і г.д., а ты сядзіш і чакаеш бліноў. І толькі шукаеш вочы такіх жа як ты, і разумееш, што большасць усё-такі прыйшла на Разанава. І гэтыя працяглыя размовы, каментары, падзякі, “на біс”, - не ведаю, як я вытрымаў... Я быў на мяжы, калі адзін са старэйшых братчыкаў (напэўна, арганізатар вечарыны) прамовіў: “што ж, як бы ні сумна гэта было, але цяпер нам ад гэтай сапраўднай ежы, духоўнай, трэба перайсці да бліноў.” Блін!!, - думаю я! Каб цябе! Гэта быў адзін з самых моцных цвікоў у глухую фанеру, якая паўстала паміж мной і гэтым вечарам. Але перад гэтым уразіў яшчэ адзін - артыста, які чытаў на пару з Дзягілевай. Вось што ён прамовіў адносна паэзіі Разанава: “у наш час, калі ў культуры пануе гумар і сатыра, мы з вамі шчаслівыя знаходзіцца на прэзентацыі такой сур’ёзнай, высока інтэлэктуальнай, элітарнай паэзіі!” Мне ўзгадаўся барон Мюнхгаўзэн з ягоным неўміручым: “Улыбайтесь, господа, улыбайтесь! Самые глупые вещи в этом мире делаются с серьёзным выражением лица.” Я прэтэндую на ролю шызіка, якога мала хто зразумее, але па-мойму ў гэтай прэзентацыі прысутнічаў невялікі элемент калектыўна-масавага загону. Хоць я добжэ вем і паважам большасць тых, хто там прысутнічаў...
Так, можна было б проста сказаць, што “гэта не мой аўтар” і г.д. Але маю сказаць яшчэ штось крытычнага па-сутнасці. У Разанава, як думаю - не вершы. У яго думкі, рацыянальныя, прадуманыя, добра сфармуляваныя. Там няма ні каліва іррацыянальнага. Усё пралічана. Вельмі падобна на сучасную еўрапейскую паэзію. Няма жывога пачуцця, спантаннасці, нечаканкі. Гэта не паэзія, не мастацтва. Гэта проста іншы жанр – нейкія сціслыя філасофскія развагі...
Ну, а бліны былі файныя. Толькі на іх пакінулі самы краёчак часу. Ды і размовы за блінцамі таксама былі збольшага пад зоркай Разанава. Ну, крыху чаплялі “няксілага” Міхалевіча з яго заявай... Так прамінула Масленка.
linkReply

Comments:
[User Picture]From: burbalka
2011-03-05 05:39 pm (UTC)
не раскрыта тэма прысутнага бембеля.
мне здаецца, праблема ў тым, што мікола адразу быў "заточаны" на інтэлектуальныя развагі. у разанава ёсць шмат іншых вершаў.

а той дзядзечка, што чытаў разам з дзягілевай, потым у нас дапытваўся, ці не на зборышча якой секты папаў.

годна прагучалі пераклады хлебнікава, па-мойму. вось ягоны пераклад басё "http://knihi.com/Basio/Choku.html" шыкоўна, па-мойму.

хаця, з іншага боку, атмасферу ты ўлавіў чотка.
(Reply) (Thread)
[User Picture]From: burbalka
2011-03-05 05:42 pm (UTC)
а, і яшчэ мне здаецца, што ты сябе троху накруціў.

цётачка з цымбаламі была звышмедытатыўная. мы потым гаварылі за блінцамі, яна ўсіх проста зачаравала.
(Reply) (Parent) (Thread)
[User Picture]From: szkaliar
2011-03-07 06:15 am (UTC)
проста тое, што пракачваў Бембель (пра сутву-спрэчву і адольву) я чуў ад яго пэрсанальна і мо не адзін раз, таму сілаў не было рэагаваць!
а наконт басё - я акурат іх і не ўспрымаю, і разумею, што Разанаў - "басёшна-хакушны" аўтар, таму і яго не ўспрымаю. я "не заточаны" пад падобнае сузіранне. але мне падалося, што гэны артыста таксама нейкі знакаміты? ці не з купалаўскага? ці не з дзяржрадыё?
(Reply) (Parent) (Thread)
[User Picture]From: 1tamerlan1
2011-03-06 11:33 am (UTC)
пражыў паўтары гады ў кватэры з адным аматарам яго творчасці, які яшчэ да таго ж сачыняе песні на яго вершы).
Не Роман случаем? )
(Reply) (Thread)
[User Picture]From: szkaliar
2011-03-07 06:17 am (UTC)
гы-гы.. а з кім жа яшчэ?:)
(Reply) (Parent) (Thread)
[User Picture]From: badaj
2011-03-06 11:14 pm (UTC)
"І такая паэзія, на мой погляд, нічога ў рэчаіснасці і не мяняе." - гм, недарэчна думаць, што асноўная мэта паэзіі, літаратуры ў цэлым, - змяняць рэчаіснасць. Калі пісаць вершы з такой, прызнацца наіўнай мэтай, - нешта змяніць, то ёсць небяспека тварыць публіцыстыку, якая доўга зазвычай не жыве.

харошыя вершы ў разанава, слова філолага)

хоць гэта зусім не значыць, што ягоную паэзію нельга не любіць







(Reply) (Thread)
[User Picture]From: szkaliar
2011-03-07 06:19 am (UTC)
філалагічна я згодны. усё выкшталцона, вытанчана прадумана. але ў тым і рэч, што прадумана. гэта словы не з "таго свету", гэта проста розум чалавека добра працуе
(Reply) (Parent) (Thread)
From: ex_paabapal
2011-03-10 09:06 am (UTC)
Збольшага я згодны з тваімі заўвагамі. Ну і яшчэ так бы мовіць малюнкаадчот :-) http://paabapal.livejournal.com/83113.html
(Reply) (Thread)
[User Picture]From: a_il
2011-03-10 09:28 am (UTC)
Вы пiшыце:

«За што я не люблю паэзію Алеся Разанава – за надмірнасць. За адарванасць ад жыцця. Быццам вершы пісаў чалавек, які ніколі не купляе бульбу на рынку, не гутарыць з прадавачкамі на касе, не уціскваецца ў тралейбус у гадзіну пік... Але разважае пра гэта ўсё з філасофскім пафасам…»

------------------------------------

*
Падпіў - і трымаецца што ёсьць сілы
Аберуч за бохан хлеба:
Стары вясковец.


*
Вулiцу заняло
Паважнае шэсце :
Iдуць з пашы каровы.



*
Вясновы самотны вечар
Гуляе дзяучынка
У хованкi з маладзiком.


*
Калючы асот -
Але вунь, глядзi:
Пчала з iм сябруе.


*
Бэзавы куст заквiтнеў –
У доме
Парасчынiлiся вокны.


*
Бульба цвiце.
У рамонкаў
Круглыя вочы.


*
Вісіць і не падае
У паветры зялёны дождж:
Ніцыя вербы зазелянелі.


*
Бяроза каля царквы –
Дзьве белыя постацi
Прыгажосцi.


*
Схаваўся ў царкву ад дажджу:
Знянацку
Зірнулі знаўпроць сьвятыя.


*
Сохнуць на плоце збанкi:
Штыкеты
Займелi галовы?!.


*
Пакiнуты дом. Зазiрае ў акно
Галiнка зялёнай вiшнi:
Няўжо нiкога?!.


*
Дом знеслi.
Застаўся сад.
Як пастарэлi адразу дрэвы!


*
У дзедавай вёсцы:
Гляжу на аблокi –
Бачу людзей.



*
Руiны даўняга замка.
Якая з гэтых сцяжынак
Вядзе у самую даўнiну?



*
Над курганамi туман
Цi дым
Вогнiшчаў старажытных?



*
Са старажытнага бору
Насоўваецца змярканне.
Цi - старажытнасць?


*
Блукаю па Вiльнi.
На даўнiх мурах
Новыя назвы.


Алесь Разанаў
(Reply) (Thread)
[User Picture]From: szkaliar
2011-03-14 05:41 am (UTC)
ну і дзе тут пра тралейбус?? :)
(Reply) (Parent) (Thread)