?

Log in

No account? Create an account
накрэмзалася-3 - valacuha [entries|archive|friends|userinfo]
valacuha

[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

накрэмзалася-3 [Mar. 14th, 2011|07:43 am]
valacuha
Людзі са шклянымі вачыма

“Пасля баля”
Гэта было ўжо на наступны дзень пасля Плошчы. У адным з судоў у холе сабралося не меней да некалькі дзесяткаў чалавек, пераважна моладзі, а таксама бацькоў тых, каго судзілі. У залы суда не пускалі, парушаючы тым самым закон аб адкрытасці судоў. Натоўп стрымліваў кардон міліцыі і некалькі чалавек у “цывільным.” Што маглі тыя людзі, якія прыйшлі падтрымаць асуджаных? А што маглі звычайныя міліцыянты, якія не пускалі ў залы суда, не маючы на тое ніякага права?.. З боку, які быў бліжэй да выхаду чуліся вельмі трапныя рэплікі: “Якога чорта стаіце тут са шклянымі вачыма? Думаеце, што вы тут ні пры чым?” А вочы міліцыянтаў сапраўды варта было ўбачыць у гэты момант: засяроджаны на адной абстрагаванай кропцы позірк, ніякага кантакту з асяроддзем. Ды гэта ж шарагоўцы. Што ад іх чакаць. Яшчэ не авалодалі ўменнем глядзець на чалавека “праз шкло”. Але народ, адчуўшы іх слабасць, пачынае эксперыментаваць: “Ну што ты адводзіш вочы? Ты ў вочы глядзі, калі гадасць робіш! Слабо, да? Слабо?” Хлапчаня ў форме – маўляў, “не слабо” – пераводзіць позірк са столі на задзіру, сустракаецца з яго прамым утрапёным позіркам, і адразу – назад у столь. Слабенькі, вагаецца яшчэ.
Але ў гэтай мітусні ў фае была яшчэ парачка цікавых асобаў. Адна з іх - відавочна, супрацоўніца суда, стылёва апранутая мілавідная паненка. Гэта індывідуальна, але ў іншым кантэксце я б шукаў магчымасці пазнаёміцца. З’яўляецца ля кардону і пачынае перагаворваць з кімсьці з міліцыі, перамігваецца, перыядычна пераводзіць вочы на тых, каго не пускаюць, пасміхаецца, маўляў, хай панэрвуюцца, усё адно дарма. Пасля гэтых “перамігванняў” ад пекных вачэй дзяўчыны ў мяне застаецца дзіўнае саладжавае пачуццё з дамешкам брыды.
А вось і яшчэ адзін супрацоўнік Камітэта Душэўнай Беднаты. Гэты ведае па-болей за слабенькага хлапчука, што не можа сустрэцца позіркам. Гэты здымае на камеру. Вочы – лісіныя. Калі ў яго і іншых “шэрых сяброў” народ раз’юшана патрабуе прозвішчаў (“хто возьме адказнасць за закрыты суд?!”) ён спакойна маўчыць, бо, мусіць, ведае кошт сваіх “падвязак” і “сценачак.” Са снабісцкай усмешкай пераводзіць павольна вочы то на адных, то на іншых. Затым моўчкі здымае далей, не змяняючы выразу твару.

Зырк-зырк.
Але бадай самы выразны і характэрны позірк чалавека са шклянымі вачыма – гэта позірк спецназаўца, як толькі ён выбег на акцыю, у чаканні “малацілкі.” У гэты момант ён падобны чымсьці на драпежнага звера, які выбег на паляванне здабываць ежу. Зырк-зырк у розныя бакі: на “ежу”, на магчымасці яе здабыць, на магчымыя перашкоды. Толькі звярынае жаданне перамагчы. Толькі яно. Але як спявае сучасны расійскі класік, “Человек, проглотивший дерево, превращается в дерево проглотившее человека.” То бок калі вы надта часта бываеце ў ролі той ці іншай жывёлы па жыцці (“круціцца як вавёрка ў коле”, “працуе як вол” і г.д.), - у вас усе шанцы ператварыцца ў свайго татэма, альбо прынамсі прыдбаць некаторыя яго рысы! Таму не здзіўляйцеся, калі пасля 25-га сакавіка ці-то якогасьці іншага Дня волі ў метро з вамі побач за поручань будзе трымацца, ціха парыкваючы, двухметровая гарыла ў бляклым спартовым касцюме. Альбо арангутанг-бамбіза, стоячы ў адной з вамі чарзе ў гіпермаркеце, будзе нязграбна цягнуцца да стэлажу за журавінкамі ў цукры...
Яшчэ адзін спецназавец пільнаваў купку маладзёнаў каля Чырвонага касцёлу, ужо 20-га, на акцыі Салідарнасці. Відаць, ён меў загад стаяць каля людзей, магчыма, перадаваць змест іх размоваў і г.д., бо перыядычна адыходзіў і размаўляў па мабільным. Страшнавата было тое, што ўжо ніхто не шыфраваўся. Вось тут, каля цябе – “вясёлыя супрацоўнікі”, апранутыя ў сваё выразна чорнае (хто мне скажа, гэта іх “трэнікі” ці што?), і яны толькі чакаюць загаду, нічога больш іх не стрымлівае. Ну дзе ж тут прапусціш магчымасць задаць пытанне? Уваходжу ў ролю “добрай мамачкі”: “А чаму вам чорныя шалікі не пашылі? Шыі ж голыя! Такі мароз! А-ёй!” Не расчульвае. Мой суразмоўца глядзіць раўнютка на Віфлеемскую зорку, а мо’ і яшчэ далей і вышэй. Пераходжу да канкрэтнага: “Чаго вы ў вочы баіцеся глянуць?” Ну насамрэч, думаю, вас на гэтай плошчы – ужо болей чым удзельнікаў акцыі (ужо амаль усіх заграблі), наконт сілы – дык тут і размаўляць няма чаго, хіба што танкаў не хапае для смеху. Ну чаго б вам не зірнуць прама ў вочы сваім ахвярам? Пытанне павісае ў паветры, вароны ў небе яго цікавяць больш. Ён мне нагадаў таго, па-свойму “чыстага”, міліцыянта з фае суда... Пасля такого “дыялогу” вяртаюся да размовы з сябрамі, а праз пару хвілін ужо хуткім крокам ідзем на службу ў Чырвоны (за намі ўжо пусцілася “зграйка” з цэнтру Плошчы, загад быў аддадзены). Тут жа ўжо сядзела купка маладзёнаў: готы, а мо’ і металюгі драмучыя, у байках і касухах, якіх сітуацыя прымусіла сесці на касцёльныя лавы і па-анёльску з усімі разам зацягнуць “Глорыя-а-а-а Дэо-о-о-о!..” Вечар завершыўся з усмешкай.

Заключэнне акуліста
Як паказвае шматгадовы вопыт афтальмолагаў свету, людзі, які маюць звычку “касіць” вачыма – рызыкуюць прыдбаць касавокасць высокай ступені. Ад такой бяды цяжка аддзелацца. А людзі, якія наўмысна трымаюць зрэнкі звужанымі тады, калі ўсе ўмовы спрыяюць іх расшырэнню, рызыкуюць атрымаць “зашкляненне” хрусталіка, у лаціне – “vitreus oculus.” Тады ў вока не пранікае паветра, а фарбы становяцца бляклымі, бліжэй да шэрага. Прычым рэзка звужаецца агляд навакольнага асяроддзя. Чалавек асуджаны на абядненне інфармацыі, якая мусіць паступаць да яго праз вочы. Важна, што хімічныя і тэхнічныя сродкі (кроплі, акуляры і г.д.) не могуць у поўным аб’ёме вярнуць былога ўмення бачыць шырока, ясна і прама. Выпраўленне хібы магчыма толькі пры змене працы і адхілення ў сваім жыццці ад усіх шкодных фактараў, што паўплывалі на з’яўленне захворвання.
linkReply