?

Log in

No account? Create an account
Паглядзеўшы “Будзьмаўскі” кліп - valacuha [entries|archive|friends|userinfo]
valacuha

[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

Паглядзеўшы “Будзьмаўскі” кліп [Jun. 24th, 2011|11:53 am]
valacuha
Што ж, віншую беларусаў з ціхім прасоўваннем наперад. Тое, што ў літоўцаў ды украінцаў з’явілася ўжо колькі год таму, - у нас толькі пачынае з’яўляцца цяпер. Я кажу пра эфектныя, яркія ролікі-прэзентацыі нацыянальных культур. Нядаўна кампанія “Будзьма” ў супольнасці з “ТУТ.BY” прэзентавала ролік “Будзьма беларусамі”, які паспяхова заваёўвае прыхільнікаў. Што канкрэтна парадавала? Выдатныя колеры (відавочна, што ролік маляваны, некампутарны), выдатна скампанаванае гукавое суправаджэнне. Але змест некаторых фрагментаў роліка навёў на цэлы шэраг думак, якія даўно ўжо спелі ў неспакойнай галаве “адмарозка з пятай калоны”.
А засмуцілі мяне радкі пра ўзнікненне БССР – “іншая на-табе рэспубліка”, “нібыта дзірка ад бубліка” (даруйце за недакладнае цытаванне, але цытую блізка да зместу). І гэта – далёка не выпадковыя фразы. Даўно заўважыў, што збольшага, усё асяроддзе беларускіх “сведамітаў” пакутуе на хранічную алергію да ўсяго савецкага. Чамусьці зараз гэта нямодна. Але давайце ўзгадаем, як насамрэч, паўставала савецкая дзяржава. Давайце глянем на гісторыю сацыялістычнага руху, які здавён быў звязаны з рухам за нацыянальную незалежнасць. Узгадаем, што адна з прычынаў паразы Касцюшкі – у яго шматлікіх сварках са шляхтай па пытанні шляхецкага землеўласніцтва. Давайце згадаем выразна сацыялістычную скіраванасць Каліноўскага, для якога “няма паноў, усе роўныя” (зараз чамусьці гэта неактуальны аспект яго поглядаў). Давайце згадаем выразна антыбуржуазныя па духу вершы Купалы і Коласа. Іх змест можна сканцэнтраваць у двух словах, сугучных першаму дэкрэту савецкай улады: “Зямлю – сялянам!”. Узгадаем таксама першыя беларускія партыі – выразна сацыялістычнага кірунку. Што ўжо казаць пра адраджэнскі рух Заходняй Беларусі з удзелам Рыгора Шырмы, Браніслава Тарашкевіча, Максіма Танка, - рух, які быў прасякнуты пафасам вызвалення працоўных і сялянаў ад панскага прыгнёту. Зрэшты, як ні горка гэта ўсведамляць, але БССР паўстае таму, што Рада БНР не была падтрымана мясцовым насельніцтвам. Значыць, для большасці беларускага насельніцтва сацыяльная справядлівасць і зямельнае пытанне былі больш актуальнымі за ідэю нацыянальнай незалежнасці. Дык якая ж тут “дзірка ад бубліка”, калі мясцовы люд, паспаліты народ у вялікай ступені сам абраў свой лёс? Я наўмысна не кранаюся “маскоўска-бальшавіцкага” следу, які, безумоўна, прысутнічаў, але ніхто не задаецца пытаннем: чаму ў Заходняй Беларусі разгортваецца антыпольская (антыпанская) барацьба ў 20-30-х гг., нават да ўзброеных выступленняў на Кобрыншчыне, у Косаве, у той час як у БССР – цішыня? Даруйце за наўмысныя спрашчэнні, але гэта – для таго, каб выразна акрэсліць сітуацыю. Усе гэтыя моманты пераконваюць мяне, што беларусы самі на глыбіні душы прагнулі расправы з “панамі ды падпанкамі”. Ды, зрэшты, і мелі падставы для гэтага. Але, калі рэвалюцыя насамрэч адбылася, многія задумаліся аб заплочаным кошце. Купала даволі смутна адчувае сябе ў пач. 20-х. Гэта яшчэ далёка не боязь пісаць адкрыта – о, не! – гэта хутчэй засмучанасць ад супярэчлівасці ўражанняў. Тое, чаго чакаў – усталяванне сацыяльнай справядлівасці – ўрэшце адбылося. Але яго выгляд не прыносіць задавальнення:
... О, так, я – пралетар!
Яшчэ учора - раб пакутны
Сягоння я зямлі ўладар
І над царамі цар магутны!
Мне Бацькаўшчынай цэлы свет,
Ад родных ніў я адвярнуўся!
Адно... не збыў яшчэ ўсіх бед:
Мне сняцца сны аб Беларусі
(Янка Купала, “Сны аб Беларусі”)
Зрэшты, варта ўзгадаць, што сацыялістычная ідэя ў к.19-пач.20 ст. – гэта сапраўдная “прагрэсіва” думкі. Самыя шчырыя, смелыя, сумленныя, таленавітыя асобы тагачаснай Імперыі так ці іначай падтрымлівалі сацыялістычны рух, прагнулі скасавання ўлады капіталу. М. Бердзяеў, А. Блок М. Горкі, Ул. Маякоўскі... Нямногім было дадзена загадзя зразумець, чым гэта скончыцца. Ды чаму б, зрэшты, не ацаніць глыбіню іх думак – хай сабе памылковых? Чаму б не ацаніць шчырасць і высакароднасць намераў, самаадданасць?
Акрамя гэтага няварта заставацца ў сваім малым замкнёным свеце. Варта зірнуць на тое, што адбываецца ў суседніх “капіталістычных паньствах” сёння. Сёння ў заходніх краінах актыўная моладзь яднаецца ў рухі адно толькі, каб не даць залатому ідалу канчаткова папляжыць гэты свет у розных яго праявах: архітэктурная спадчына, экалогія. За прыкладам далёка хадзіць не буду. Не так даўно мае сябры з Кіева, таксама “адмарозкі з пятай калоны” у свой час, распавядалі, што да аранжавай рэвалюцыі моладзь бараніла старыя будынкі Кіева ад чыноўнікаў і “атрымоўвала на гарэхі” ад міліцыі. А сёння з палымянымі студэнтамі, што пікетуюць у гістарычным цэнтры, разбіраюцца “браткі” ў скуранках, прысланыя мясцовым “князьком”- бізнэсоўцам. Капіталізм – ён таксама агрэсіўны. Як бы нам усім не нарвацца на тое, за што пачалі змагацца...
Пракручваючы гэтыя слайды жыцця ў галаве, прыйшоў да думкі, што няварта змагацца за змену ладу, сістэмы. Гэта, насмрэч, “шыла на мыла”. Але тыранія, падобная сённяшняй Беларусі – гэта ўжо іншая справа. Зрэшты, аб сучаснай Беларусі пісаў прамудры Саламон колькі тысяч год таму: “калі пануе беззаконнік –народ пакутуе” (Прытчы 29-2).
Але вернемся да тэмы. “Будзьмаўскі” кліп, на мой погляд, “грашыць” заідэалагізаванасцю. Толькі перавернутай, як у негатыве. Не “чырвона-зялёнай”, а “бел-чырвона-белай”. І мінус у тым, што гэта раздзяляе: ёсць “кананічны” БНР, а ёсць - “дзірка ад бубліка”. А чаму б не прыняць, што ёсць беларусы з рознымі перакананнямі? Бо, зрэшты, колькі ўсяго вартага здзейснена пад беларускім савецкім гербам і сцягам! У іх таксама акумуляваны ўспаміны, думкі, жыцці многіх беларусаў, прынамсі, мінулых пакаленняў. І таму кідаць абразлівае “дзірка ад бубліка” або “капуста” ў бок савецкіх сімвалаў, - гэта не лепей за крыўднае “сала-мяса-сала” ў дачыненні да сцяга БНР. Як казаў Сяргей Даўлатаў, які за свой век наглядзеўся і на савецкі “дом шчасця”, і на амерыканскі “вырай”, - “пасля камуністаў я больш за ўсё не люблю антыкамуністаў.”
Мне здаецца, “свенты спокуй” прыйдзе на гэтую зямлю не тады, калі на Дом ураду зноў усталююць “Пагоню”, а тады, калі абодва бакі барыкадаў нарэшце змогуць знайсці кропкі паразумення. Я не хачу, каб у гэтай барацьбе хтосьці перамагаў і узвышаўся над пераможаным. Я проста хачу, каб у гэтай барацьбе дзяржаўная ўлада (і няважна хто будзе за стырном!) навучылася чуць і паважаць меркаванне грамадства, у т.л. меркаванне невялікіх грамадскіх групаў. Я не за краіну, дзе ўсім “удзяўбуць” ў галаву стандартны набор канструктаў накшталт “БНР – гэта добра, а БССР – гэта дрэнна”, “беларусы - гэта літвіны”, “беларусы – гэта хрысціяне” (а пры іншай уладзе магчыма: язычнікі/католікі/праваслаўныя/уніяты/пратэстанты)” і г.д. Але я за краіну людзей з вольным мысленнем, уласным меркаваннем, рашучай воляй, празрыстым сумленнем, дабразычлівасцю і ўзаемападтрымкай адзін аднога. Апошнім часам мне цікава аналізаваць свае размовы з рускамоўнымі суайчыннікамі – па справе. Калі я акцэнтую ўвагу на сваёй мове, імкнуся падкрэсліць сваю “іншасць”, - я з гэтым і застаюся. Калі ж я болей звяртаю ўвагу на тое, што я кажу, і як гэта паўплывае на супольную справу - мая беларуская адразу і “па змаўчанні” прымаецца суразмоўцам, хоць ён можа мець і іншыя погляды. Таму кліп ад “Будзьмы” – гэта пакуль не кліп аб Вольнай Беларусі. Шмат у чым гэта кліп “насуперак іншым.” Пакуль не паразумеліся. Мабыць, яшчэ не час.
linkReply

Comments:
[User Picture]From: ksysh_ka
2011-06-24 04:04 pm (UTC)
Дзякуй за думкі! Ужо каторы раз 100% адгукаюцца.
(Reply) (Thread)
[User Picture]From: burbalka
2011-06-27 11:34 am (UTC)
ну гэта ж аўтарская праца. цалкам мае права на існаванне.
(Reply) (Thread)
[User Picture]From: burbalka
2011-06-29 11:23 pm (UTC)
http://nn.by/?c=ar&i=55578 дарэчы, абсалютнае супярэчанне гэтага паста і гэтага артыкула.
(Reply) (Parent) (Thread)